Кафедра прыродазнаўства МДУ імя А. А. Куляшова прыняла ўдзел у арганізацыі IV навукова-метадычнага семінара, прысвечанага 125-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Смоліча, паведаміў кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ігар Мікалаевіч Шаруха.
У актавай зале вучэбнага корпуса № 3 МДУ імя А. А. Куляшова 29 верасня (у дзень нараджэння навукоўца) сабраліся выкладчыкі ВНУ, навукоўцы, а таксама настаўнікі геаграфіі, гісторыі, беларускай мовы, студэнты. «Аркадзь Смоліч — наш выбітны зямляк, — распавядае Ігар Мікалаевіч Шаруха. — Нарадзіўся ён у мястэчку Бацэвічы Клічаўскага раёна. Ён — першы ў Беларусі прафесар геаграфіі, навуковец-эканаміст і глебавед, краязнаўца, драматург, грамадскі дзеяч. Менавіта А. Смоліч пабудаваў падмурак для развіцця эканамічнай навукі Беларусі, эканамічнай геаграфіі, праводзіў грунтоўныя распрацоўкі па пытаннях размяшчэння вытворчых сіл і раянавання. Шмат зрабіў для папулярызацыі навукі аб беларускай зямлі. Дзякуючы яго працы выйшаў першы падручнік па геаграфіі Беларусі. Да сённяшняга часу навукова-метадычны набытак А. Смоліча не страчвае актуальнасці. Вялікая частка зробленага ім яшчэ як след не асэнсавана і чакае працы даследчыкаў. „Геаграфія Беларусі“ Аркадзя Смоліча — і вучэбны дапаможнік, і навуковы твор. А па сутнасці, гэта жывы, пранікнёны аповед пра беларускую зямлю, яе прыроду, гаспадарку і народ. У свой час яна атрымала шырокае грамадскае прызнанне, стала незаменнай крыніцай радзімазнаўства і самапазнання беларусаў», — дадае Ігар Шаруха.
Па матэрыялах: mycity.by
Чытаць «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча.